Уладзімір Някляеў прадставіў у Беластоку свой новы раман



“Геена вогненная” або “Гэй Бэн Гіном” – пісьменнік і паэт Уладзімір Някляеў прадставіў у Беластоку свой новы раман. Яго галоўны герой – Янка Купала: рэалістычны і містычны. Сталіца Падляшша стала чарговым польскім горадам, у якім праходзіла прэзентацыя кнігі.

Аўтар расказаў прысутным, якіх сабралася ў Падляшскім інстытуце культуры каля паўсотні чалавек, у тым ліку пра тое, як пісаў раман:  

–  Я не магу вам растлумачыць не толькі, як узнікла назва рамана, я не магу вам распавесці, як я напісаў гэты раман. Вось ты ўваходзіш у транс...

Яраслаў Іванюк, старшыня фонда “Камунікат”, які з’яўляецца выдаўцом рамана:

– Прэзентацыі праходзяць вельмі паспяхова. У кожным горадзе вялікае зацікаўленне кнігай Уладзіміра Някляева, якая не змагла выйсці ў Беларусі па палітычных прычынах, а таксама самой сустрэчай.

Зміцер Вайцюшкевіч:  

– Мне здаецца для такіх вечарын разбавіць літаратурную частку песнямі рознага характару – гэта абсалютна лагічна.

Прэзентацыйны тур Уладзіміра Някляева працягваецца. Сёння а 17-ай сустрэча з пісьменнікам пройдзе ў Бельскім Доме культуры, а ў наступныя дні, 3-4 снежня, у Вільні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя