“Lodołamaczka”: у Польшчы выходзіць кніга пра Святлану Ціханоўскую



„Госць Рацыі” – Руслан Шошын – журналіст газеты „Rzeczpospolita”, аўтар першай у свеце кнігі пра Святлану Ціханоўскую.

Фота: sdp.pl

РР: Кніга “Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska” з’явіцца ў продажы на зломе верасня і кастрычніка. Ці вядома, калі будзе прэзентацыя?

Руслан Шошын: 28 верасня кніга з’явіцца ў кнігарнях. Яна будзе ва ўсіх найбуйнейшых кнігарнях Польшчы. Яна, дарэчы, ужо ёсць у інтэрнэце ў так званым перадпродажы. Кожны можа яе набыць. Вядома, што 2-га кастрычніка будзе прэм’ера кнігі ў Кракаве, спадзяюся, што будзе прэм’ера ў Варшаве. І ў Беластоку плануем прэзентацыю напачатку кастрычніка.

Гэта не нейкая біяграфічная кніга. Гэта больш рэпартаж, гэта шматгаласовасць. Там прадстаўленыя людзі, якія памятаюць Святлану па выбарчай кампаніі, ёсць людзі, якія яе крытыкуюць, з якімі яна разышлася на пэўным этапе свайго палітычнага жыцця. Я размаўляў з людзьмі з Мікашэвічаў, адкуль Святлана паходзіць. Знайшоў людзей, якія ведаюць яе сям’ю, бацькоў. Гэта спроба прадставіць тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе вачыма Святланы Ціханоўскай. Зрабіць рэтраспекцыю таго, што тады адбылося. Розныя рэчы, пра якія раней публічнасць не ведала, з гэтай кнігі даведаюцца.

РР: Кніга на польскай мове. Ці ёсць у планах пераклад на беларускую ці расейскую?

Руслан Шошын: Ад мяне, як аўтара, няшмат залежыць. Наколькі я ведаю, выдавецтва пачало перамовы наконт перакладаў на беларускую мову. Я, як аўтар, вельмі хачу, каб яна выйшла на беларускай мове.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя