Беларусы Батумі: Абхазія – гэта Грузія!



29 верасня ў офісе апазіцыйнай партыі «Лело» ў Батумі адбылася сумесная беларуска-грузінская прэс-канферэнцыя з нагоды паездкі Лукашэнкі ў Абхазію. Грузінскія палітыкі і беларускія актывісты выказалі адзіную пазіцыю наконт незаконнага візіту Лукашэнкі ў Абхазію.

Візіт Лукашэнкі каментуе Гено Тэбідзэ, прадстаўнік партыі «Лело»:

-Лукашэнка парушыў усе законы. Мы думаем, што гэта было не рашэнне Лукашэнкі, ён дзейнічаў па заданні Пуціна. Ён прыехаў на акупаваную грузінскую тэрыторыю – у Абхазію. І зараз для Грузіі вельмі важная падтрымка сапраўдных беларусаў – бежанцаў са сваёй крыіны.

Па словах кіраўніка беларускай дыяспары ў Аджарыі Рамана Кісляка, беларусы ў Грузіі лічаць візіт Лукашэнкі ў Абхазію таксама незаконным:

-Мы, беларусы, мусім заявіць, што недапушчальна з боку іншых грамадзян парушэне грузінскіх законаў.  Мы, як беларуская дыяспара Аджарыі, лічым, што Аляксандар Лукашэнка парушыў грузінскія законы і фактычна правакуе канфлікт паміж грузінамі і беларусамі. Мы заяўляем, што ён не можа прадстаўляць беларусаў у такой сітуацыі. І мы не лічым яго прэзідэнтам!

Нагодай для прэс-канферэнцыі стала тое, што 28 верасня Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным нечакана наведаў непрызнаную рэспубліку Абхазія, якую Грузія лічыць акупаванай Расеяй тэрыторыяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Батумі