На мундыялі пройдуць апошнія матчы 2 тура



Сёння на чэмпіянаце свету па футболе пройдуць апошнія матчы другога тура.

Першымі гульнявы дзень распачнуць зборныя Сербіі і Камеруна (пачатак а 13:00 па менскім часе). Затым згуляюць Паўднёвая Карэя і Гана (у 16:00). Увечары пройдуць паядынкі Бразіліі і Швейцарыі (у 19:00) і Партугаліі і Уругвая (у 22:00).

Аляксандр Паўлаў узначаліць „Віцебск”

Беларускі трэнер Аляксандр Паўлаў блізкі да прызначэння ў „Віцебск”.
Клуб па выніках мінулага сезона страціў прапіску ў элітным дывізіёне і ў наступным годзе будзе выступаць у першай лізе.
За мінулы сезон з „Віцебскам” папрацавалі два спецыялісты: пачынаў Яўген Чарнухін, а завяршаў Сяргей Ясінскі, які сумяшчаў сваю пасаду з аналагічнай у маладзёжнай зборнай Беларусі.
Раней Аляксандр Паўлаў уваходзіў у трэнерскі штаб „Энергетыка-БДУ”.

Матч „Зеніта” і „Спартака” скончыўся масавай бойкай

„Зеніт” з Санкт-Пецярбурга на хатняй арэне абыграў маскоўскі „Спартак” у матчы 6-га тура групавой стадыі Кубка Расіі у серыі пенальці – 4:2.
Пасля завяршэння асноўнага часу сустрэчы футбалісты ўчынілі масавую бойку, у выніку якой чырвоныя карткі атрымалі па тры гульцы з кожнай каманды. „Спартак” заняў першае месца ў групе „B” і прабіўся ў верхнюю сетку плэй-оф, „Зеніт” стаў трэцім і трапіў у ніжнюю сетку.

„Нёман” у гасцях адолеў „Лакаматыў”

У рамках рэгулярнага чэмпіянату Betera- хакейнай экстралігі гарадзенскі „Нёман” справіўся з аршанскім „Лакаматывам” з лікам 5:2.
Гарадзенцы першымі у гэтым сезоне дасягнулі адзнакі ў 100 закінутых шайбаў. Аўтарам юбілейнай стаў Вячаслаў Іпатаў, які на 50-й хвіліне зрабіў лік 4:2 на карысць сваёй каманды. Яшчэ адзін матч скончыўся з тым жа лікам 5:2. „Брэст” на хатняй арэне перамог „Ліду”.

Арцём Дзямкоў вярнуўся ў менскае „Дынама”

Беларускі нападнік Арцём Дзямкоў стаў гульцом менскага „Дынама”. З форвардам заключаны двухбаковы кантракт да канца сезона.
У цяперашнім чэмпіянаце Арцём правёў 22 матчы ў складзе маскоўскага „Спартака”, ачкоў не набраў.

Беларускае Радыё Рацыя