Лепшы футбаліст Беларусі Уладзімір Хвашчынскі пакінуў ФК „Менск”
ФК „Менск” аб’явіў аб сыходзе свайго лідара — нападніка Уладзіміра Хвашчынскага. У мінулым сезоне за „гараджан” нападнік правёў 27 матчаў і забіў 20 галоў, тым самым усталяваўшы свой асабісты сезонны рэкорд. Таксама быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі 2022 года. А ўвогуле „Менск” напярэдадні пакінулі 15 футбалістаў.
Жымо афіцыйна стаў гульцом барысаўскага БАТЭ.
Барысаўскі БАТЭ дасягнуў дамоўленасці аб падпісанні кантракта з 26-гадовым івуарыйскім абаронцам Шэрыфам Жымо.
Шэрыф Жымо летам мінулага года перабраўся ў „Нёман”. У Гародні івуарыец адразу стаў незаменным гульцом каманды, правёўшы ў яе складзе ў суме 42 матчы, у якіх забіў 1 гол і аддаў 5 выніковых перадач.
Давыскіба і Фейжаа пакінулі „Шахцёр”.
Салігорскі „Шахцёр” паведаміў аб некаторых перастаноўках у складзе.
Арэндныя пагадненні з футбалістамі Вітарам Фейжаа і Раманам Давыскібай падышлі да канца, і яны вяртаюцца ў размяшчэнне сваіх клубаў — „Кукесі” і „Дынама-Мінск” адпаведна. У сваю чаргу з арэнды ў „Гомелі” ў „Шахцёр” вяртаецца Дзяніс Казлоўскі. У складзе „рысяў” форвард правёў другую палову сезона. За гэты час ён прыняў удзел у 12 матчах, у якіх забіў два галы і зрабіў тры выніковыя перадачы, паведамляе прэс-служба „гарнякоў”.
Ірына Шымановіч выйшла ў паўфінал турніру ITF у Бразіліі
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч прайшла ў паўфінал турніру ITF у Рыа-дэ-Жанэйра. У чвэрцьфінале 316-я ракетка свету адолела іспанку Івону Кавалье-Рэймерс з лікам 6:1, 6:3. Матч доўжыўся 1 гадзіну і 8 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя
