ЧС. Сюрпрыз ад Коста-Рыкі



27 лістапада праграма футбольнага сусветнага форуму пачалася матчам Японіі і Коста-Рыкі ў групе Е. Азіяцкая зборная, якая адзначылася сенсацыйнай вікторыяй у першым туры, лічылася фаварытам, але не здолела сваю перавагу „на паперы” увасобіць у перамогу на полі. А ў выніку сустрэчы, дзе перамаглі кастарыканцы, парадаваліся не толькі ў цэнтральнаамерыканскай краіне на „шчаслівым беразе”, але і ў Германіі.

Сустрэча ў цэлым была прэснай, як дажджавая вада і патроху кацілася да нулявой нічыі, калі здарылася нечаканае. Кастарыканцы, якія здзейснілі першы стрэл па браме за два матчы, дасягнулі голавага поспеху. Шчасліўчыкам стаў абаронец Кейшар Фуллер. Прабіў ён ня надта моцна, але японскаму галкіперу, герою першага матча, элементарна забракла росту (быў бы на яго месцы Цібо Куртуа!) – мяч слізгануў па пальчатках і затрапяцеў у сетцы. Так Коста-Рыка набрала паўнаважкія тры ачкі і параўнялася па набраных пунктах з іспанцамі і японцамі.

Японія – Коста-Рыка – 0:1 (Кейшар Фуллер, 81).

У групе Е сёння чакаецца яшчэ адзін вельмі прынцыповы спабор: а 22-й гадзіне беларускага часу (20-й польскага) на поле выйдуць дружыны Іспаніі і Германіі.

Беларускае Радыё Рацыя