ЧС. Англія і ЗША прабіліся ў плэй-оф



Група В позна ўвечары вызначала каго яна дэлегуе ў 1/8 фіналу. У выніку запаветныя квіткі здабылі Англія і ЗША.

У брытанскім дэрбі мала хто адважыўся ставіць на валійцаў. Зборная Уэльса – адно з найбольшых расчараванняў на гэтым турніры, усе тры сустрэчы яна правяла невыразна. Інтрыга пратрымалася да пачатку другога тайма, калі каманда „трох ільвоў” рэалізавала штрафны, пасля чаго давяла сваю перавагу ў класе да лагічнага зыходу. Пры тым голавы дубль аформіў Маркус Рэшфард. Хары Кейн зноў не забіў, але адзначыўся трэцім на турніры асістам.

Уэльс – Англія – 0:3 (Маркус Рэшфард, 50, 68, Філ Фодэн, 51).

Амерыканцам патрэбная была толькі вікторыя ў вочным паядынку з канкурэнтам за месца „пад сонцам” Іранам і яны яе дамагліся. Мабільная і маладая каманда ЗША выдатна падрыхтаваная, але ёй не стае досведу ў завяршэнні атак. Галы даюцца надзвычай цяжка. Увесь першы тайм „зорна-паласатыя” дамінавалі і ўрэшце правялі ўзорную камбінацыю, якую завяршыў Крысціян Пулішыч. Гол атрымаўся з прысмакам горычы, паколькі лідар амерыканцаў траўмаваўся. У другой палове вострых момантаў было мала і ўрэшце ўсё скончылася радасцю ЗША. Іран ніколі не выходзіў у 1/8 фіналу і статыстыка зноў пацвердзілася.

Іран – ЗША – 0:1 (Крысціян Пулішыч, 38)

Выніковае становішча ў квартэце В: 1. Англія – 7 ачкоў , 2. ЗША – 5, 3. Іран – 3, 4. Уэльс – 1.

Ужо сталі вядомыя дзве пары 1/8 фіналу: Нідэрлянды – ЗША і Англія – Сенегал.

Беларускае Радыё Рацыя