Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых
Ужо некалькі месяцаў у Іране доўжацца пратэсты супраць улады аяталаў і за дэмакратызацыю краіны. Акцыі ахопліваюць многія рэгіёны краіны. Апошнімі днямі навіны пра кровапралітныя сутыкненні сталі паступаць з заходняга Курдыстану.

Праваабаронцы паведамляюць пра забойствы дэманстрантаў падчас разгонаў акцый, а СМІ пішуць, што выступленні сталі адной з самых вялікіх пагрозаў для так званага клерыкальнага істэблішмэнту Ірана, які кіруе з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 года.
Арыштаваныя дзясяткі чалавек, у тым ліку вядомыя спартоўцы і нават сваякі Вярхоўнага лідара Ірана — аяталы Алі Хамэнэі. Іранскія ўлады жорстка душаць любыя пратэсты — часцяком з ужываннем агнястрэльнай зброі.
Паводле звестак арганізацыі па правах чалавека ў Іране (IHR), якая базуецца ў Осла, падчас пратэстаў больш за 400 чалавек, у тым ліку некалькі дзясяткаў непаўналетніх, былі забітыя ўрадавымі войскамі па ўсёй краіне. Паводле IHR, больш за сотню загінулых было ў Курдыстане, Керманшаху і Заходнім Азербайджане — трох правінцыях са значным курдскім насельніцтвам.
Беларускае Радыё Рацыя
