Павел Латушка: Захад заўсёды спазняецца



Павел Латушка заклікае Захад увесці супраць Лукашэнкі санкцыі, здольныя паралізаваць сістэму. У чарговым сваім звароце палітык кажа «Лукашэнка ўжо ўяўляе сабой ваенную пагрозу, але гэта пагроза можа стаць ядзернай». Патрэбныя санкцыі, накіраваныя супраць Лукашэнкі, ягоных чыноўнікаў і сілавікоў, здольныя паралізаваць сістэму, так кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка. Сваю пазіцыю ён патлумачыў у нашым эфіры. 

– Гэта не толькі зварот, гэта, зразумела, і дзеянні, гэта вялікая колькасць кансультацый і сустрэч, якія адбываюцца кожнага дня. З замежнымі палітыкамі ў розных сталіцах, у тым ліку ў Варшаве, кажам пра неабходнасць рашучых, імгненных, мэтанакіраваных і моцных дзеянняў супраць Лукашэнкі і яго рэжыму. Так, захады нейкія прымаюцца, але яны недастатковыя і прыводзяць да таго, што Захад заўсёды спазняецца: што трэба было зрабіць сёння робіцца праз некалькі дзён і гэта ўжо не мае таго сэнсу і ўплыву на рэжым Лукашэнкі. 

Давайце паглядзім, калі беларусы ў 2020 годзе выходзілі вялікай колькасцю на вуліцы пратэставаць супраць гвалту, тады мы заклікалі ўсіх партнёраў, я асабіста сустракаўся з многімі міністрамі замежных спраў, увесці маштабныя, моцныя, хуткія санкцыі, яны не былі ўведзены. Паглядзіце, да чаго гэта прывяло – павялічэнне масавых рэпрэсій, яшчэ большы ціск і фактычна знішчэнне грамадзянскай супольнасці, крымінальныя справы не былі ўзбуджаны. Далей мы бачылі на нашы вочы, калі Лукашэнка пайшоў на захоп самлёта, бо не было адпаведнай рэакцыі Захада, ён дазваляў сабе рабіць яшчэ больш негатыўных рэчаў, крымінальных, злачынных рэчаў, ён распачаў міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрапейскім саюзам. Захад рэагаваў са спазненнем і гэта таксама не дало плёну і выніку, на які разлічвалі. Далей Лукашэнка падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны, дазваляе ўвайсці расейскім войскам на тэрыторыю Украіны, прадастаўляе тэрыторыю Беларусі для ракетных, бомбавых удараў па Украіне, фактычна з’яўляецца саўдзельнікам злачынстваў, звязаных з забойствам мірных жыхароў.

І гэта становіцца яшчэ больш пагрозай, бо зараз мы бачым, што Лукашэнка марыць вярнуць на тэрыторыю Беларусі ядзерную зброю. І вось пытанне, ці зноў Захад будзе чакаць пакуль прыедзе ядзернае ўзбраенне на тэрыторыю Беларусі і пазней будзе рэагаваць, таму гэта пытанне палітычный волі. І вось мы бачым, што няма тых палітычных актараў сярод нашых партнёраў, якія павінны ўзяць волю ў кулак і нарэшце прыняць рашэнні, якія б паставілі вельмі моцны ультыматум Лукашэнку аб яго персанальнай адказнасці крымінальнай, міжнароднай, якія б паставілі яго, як фактычна вайсковую мэту, з пункту гледжання таго, што ён робіць зараз супраць беларусаў, супраць Украіны і супраць бяспекі ў рэгіёне.

Цалкам размову з Паўлам Латушкам слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Санкцыі павінны ўводзіцца па прынцыпе прыналежнасці да дзяржапарату і дзяржструктур. Важна таксама, каб былі заведзены публічныя адкрытыя крымінальныя справы на Лукашэнку і яго атачэнне, кажа Павел Латушка. 

Беларускае Радыё Рацыя