Палітзняволеная Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю



Як паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, Марыя Калеснікава знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі ў Гомелі ў рэанімацыйным аддзяленні.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі адвакату ў лякарні. Адваката Марыі 29 лістапада трэці раз запар не дапусцілі да Калеснікавай у калоніі, патлумачыўшы гэта тым, што няма заявы ад яе. Раней стала вядома аб тым, што Марыя ў штрафным ізалятары. Праўда, не было інфармацыі аб тым, на які час яе туды змясцілі. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі.

У верасні 2020 года каардынатарку штаба Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезці ва Украіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз акно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі.

Калеснікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і 6 верасня 2021 года асудзілі на 11 гадоў калоніі.