Нуланд на саміце АБСЕ заклікала Беларусь спыніць падтрымку расейскай агрэсіі



Намеснік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд падчас свайго выступу на нарадзе міністраў замежных справаў АБСЕ ў польскай Лодзі заклікала Беларусь спыніць падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Яна выступала адразу пасля прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ Андрэя Дапкюнаса, які зачытаў тэкст, падрыхтаваны міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які памёр на мінулым тыдні. У выступе сітуацыя ў Еўропе параўноўвалася з пажарам, які трэба тушыць, а не прызначаць вінаватых у ім, а таксама змяшчаліся заклікі прымаць мір ва ўсёй яго разнастайнасці і весці дыялог.

Вікторыя Нуланд адрэагавала на выступленне, назваўшы просты шлях патушыць пажар у Еўропе.

«Пры ўсёй павазе да беларускага калегі, ёсць вельмі просты шлях спыніць гэты пажар, і спыніць яго сёння. Для Расеі – гэта спыніць сваю заганную вайну супраць Украіны, яе ваенныя атакі, цяпер яшчэ і заганныя атакі супраць грамадзянскіх, а для Беларусі – спыніць быць даступнай платформай для гэтых нападаў», – сказала яна.

reform.by