Настасся Роўда: Новая Беларусь мае жыццёвую патрэбу ў беларусізацыі і адзінай беларускай мове як дзяржаўнай



Ці варта ў будучыні прымушаць грамадзян да вывучэяння беларускай мовы, ці мова – гэта выключна асабісты выбар?

Сваё меркаванне ў межах віленскай анлайн-дыскусіі праекта «Дамова» выказала дырэктар выдання «Наша Ніва» Настасся Роўда:

– Беларусізацыя абавязкова патрэбная Беларусі. Акурат пасля пратэстаў 2020 года грамадства ў прынцыпе ўжо да яе гатовае. Асабліва цяпер, калі Расея напала на Украіну і ідзе захоп. Мы ведаем, як дзейнічае Расея. Расея заўжды дзейнічае па моўным прынцыпу, маўляў, вы размаўляеце па-расейску, адпаведна будзем абараняць правы расейскамоўных, можам захапіць вашу тэрыторыю, абвесціць, што вы цяпер Расея і будзем вас абараняць. Ясна, што для Беларусі заўжды гэта было вельмі балючым пытаннем.

Сваё бачанне месца беларусізацыі акрэсліў беларускі анархіст Павел Тарошчын:

– Побач з намі знаходзіцца імперыя. Калі яна захоча вас захапіць, то прыдумае сабе прычыну і апраўданне, і тут не важна, размаўляеце вы па-расейску, ці не. Як людзі рэагуюць на беларусізацыю? Запыт на яе, відавочна, ёсць. Толькі некалькі ў іншым разуменні. Дзяржава павінна быць ад сістэмы культуры і адукацыі дыстанцыравана на столькі максімальна, на колькі гэта можа быць. Таму ў плане беларусізацыі, я лічу, гэта павінен быць выбар.

Вядома, што за апошнія 15 год колькасць вучняў, што навучаюцца на беларускай мове, скарацілася ў Беларусі ў 2,5 разы. У атласе моваў свету беларуская мова абазначана як аслабленая, выміраючая.

Беларускае Радыё Рацыя