Лех Валенса: У Беларусі свой шлях, але за яго неабходна змагацца!



Аніводны мітынг беларусаў у Беластоку каля сценаў Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь не абыходзіцца без таго, каб хто-небудзь не ўспомніў пратэстную перамогу руху «Салідарнасць» у Польшчы і яе кіраўніка – Леха Валенсу. Узгадвалі дзеяча на плошчах і вуліцах Беларусі ў жніўні 2020 года, калі падавалася, што вось-вось у беларусаў атрымаецца паўтарыць польскі вопыт і дамагчыся мірных перамоваў і змены ўлады ды ўсёй сістэмы ў краіне.

09.03.2017 Lublin . Lech Walesa podczas spotkania z mieszkancami miasta w ramach cyklu Wyborcza na Zywo , zorganizowanym razem z Komitetem Obrony Demokracji . Fot. Jakub Orzechowski / Agencja Gazeta

Вольга Сямашка пагутырала з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 1983 года, стваральнікам прафсаюзу «Салідарнасць» і першым абраным Прэзідэнтам Трэцяй Польскай рэспублікі Лехам Валенсам пра тое, чаму ў Беларусі пакуль не атрымалася паўтарыць польскі пратэсны вопыт, у чым галоўная слабасць Лукашэнкі і як Нобелеўская прэмія Алеся Бяляцкага можа дапамагчы Беларусі.

РР: Для нас вялікі гонар размаўляць з чалавекам-легендай, які змог зламаць сістэму. Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі часта згадвалі вашае імя і рух «Салідарнасць», маўляў, чаму так немагчыма зрабіць у Беларусі. Хаця былі спробы страйкаў на заводах. Прафсаюзныя дзеячы таксама актывізаваліся. І напэўна за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі з 1991 года тады, у жніўні, працоўныя выступілі ўпершыню як дзеячы патэнцыйнага пратэсту. І ўлады спужаліся. Да іх асабіста прыязджаў Лукашэнка, да іх выходзілі дырэктары заводаў і пыталіся: што мы можам зрабіць? Але да канца справа так і не была даведзена. Чаму так атрымалася ў Беларусі?

Лех Валенса: Таму што гэта працэс, і ён не дайшоў да таго стану, у якім мы былі тады. Мы пачалі змаганне раней і ў выніку спробаў і памылак дайшлі да таго, што паўстала «Салідарнасць». Вы яшчэ не мелі столькі пратэстаў, і не былі так падрыхтаванымі, як мы ў той час.

РР: Ці можам мы казаць, што сваю ролю, у паспяховасці пратэстаў, адыграў і Каталіцкі Касцёл на тэрыторыі Польшчы?

Лех Валенса: Канешне. Такія варункі трэба выкарыстоўваць. На вялікіх службах, дзе збіраецца тысячы людзей, іх можна арганізоўваць, пераняць і павесці да бою. Але гэта не абавязкова мусіць быць рэлігія.

РР: Ну так. Выглядае, што тая ж беларускасць можа быць рухавіком пратэстаў, прынамсі, я чытала ў матэрыялах «Салідарнасці» 80-х гадоў, што на Беласточчыне беларуская меншасць друкавала ўлёткі і садзейнічала руху «Салідарнасць».

Лех Валенса: Так. Але трэба толькі добра разумець, дзе можна ўзняць нацыянальныя меншасці. Можна нават першамайскія дэманстрацыі выкарыстоўваць у сваіх мэтах – скіраваць для змагання.

РР: На ўздыме «Салідарнасці», у 1983 годзе, Вы былі ўганараваныя Набелеўскай прэміяй міру, у той год прадстаўнік Нобелеўскага камітэту заявіў, што Ваша ўзнагароджанне тычыцца не толькі палякаў – узнагарода належыць усяму свету. І свет пачуў голас Леха Валенсы і зразумеў ягонае пасланне. Амаль праз 40 гадоў як вы лічыце, атрыманне Вамі Нобелеўскай прэміі паўплывала на Польшчу і ўвесь свет?

Лех Валенса: Трэба разумець, што мэтай нашага змагання было зламіць стары, нядобры парадак свету. А руйнавалі мы яго для таго, каб збудаваць новы – лепшы. І гэта ў нас атрымалася, хаця адбудаванне ідзе горш. Вы, Беларусь, знаходзіцеся крыху ў іншай сітуацыі. На нашай базе «Салідарнасці» трэба будаваць, змагаючыся. Але трэба разумець, што кожны час мае свае шанцы і свае перашкоды. І калі гэта не разумець, то і не будзе поспеху. Трэба разумець магчымасці кожнай краіны. У кожнай краіны свае магчымасці. Таму трэба крыху інакш змагацца, а не выкарыстоўваць тыя ж самыя, ранейшыя, метады. Не ўсюды можна аднолькава змагацца.

РР: Сапраўды так. Я прачытала, што Ваша жонка прысутнічала замест Вас на цырымоніі ў Осла пры ўручэнні Нобелеўскай прэміі, бо вам, верагодна, не дазволілі б вярнуцца назад у Польшчу. Ці было гэта правільна? Ці варта было самому ехаць, каб атрымаць прэмію?

Лех Валенса: Сапраўды, яны мяне, відаць, не ўпусцілі б назад у краіну. Я выкарыстоўваў усе магчымая сілы і сродкі для таго, каб змагацца з камунай. Цэламу свету казаў, што ў Польшчы зламаная Канстытуцыя. Цэламу свету казаў, не абавязкова браць прыклад з Польшчы, а ідзіце на выбары і добра выбірайце. І змагайцеся далей, толькі іншымі метадамі.

РР: Задаю гэтае пытанне, бо мы назіраем, як рэжым Лукашэнкі намагаецца выштурхнуць усіх нязгодных за межы краіны. Як вы ставіцеся да палітычнай фігуры Святланы Ціханоўскай і наогул да беларускай апазіцыі ў выгнанні?

Лех Валенса: Калісьці, калі не было інтэрнэту, свет быў моцна падзелены, то тады выпіхванне з краіны мела сэнс. Сёння можна з любога месца змагацца. Толькі трэба выкарыстоўваць тыя сілы і сродкі, якія ёсць у наяўнасці.

РР: Сёлета прадстаўнік Беларусі Алесь Бяляцкі ўганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Ён у турме, таму 10 снежня яго не будзе ў Осла. Хто мусіць атрымаць Нобель за яго? Яго жонка, паплечнікі?

Лех Валенса: Мусіце вырашыць, хто лепш можа зрабіць гэта для вашай справы. Я не магу сказаць, хто будзе лепш. Трэба абмеркаваць, якая сітуацыя для вас лепшая.

РР: Як Вы ацэньваеце фігуру Алеся Бяляцкага? І якое значэнне мае гэты «Нобель» для Беларусі?

Лех Валенса: Ведаю яго, і хацеў бы дапамагчы, але трэба разумець сітуацыю. Я дастаў узнагароду за тое, што добра змагаўся, але тады змаганне яшчэ не было завершана. Узнагарода мяне павінна была падтрымаць у далейшым змаганні. Узнагарода адыграла вялікую ролю. І ў вас такая ж сітуацыя. Трэба адзначыць добрае змаганне і падтрымаць для далейшага.

Цалкам размова:

З „Госцем Рацыі» – Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 1983 года, стваральнікам прафсаюзу «Салідарнасць» і першым абраным Прэзідэнтам Трэцяй Польскай рэспублікі, камунікавала Вольга Сямашка.

Фота фонда Інстытут Леха Валенсы.