Латушка: беларускіх парламентарыяў не дапусцяць на ПА АБСЕ ў Польшчу



Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка заявіў, што беларускіх парламентарыяў не ўпусцяць паседжанне Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Польшчу.

Адзначаецца, што падыход аб недапушчэнні ўдзелу прадстаўнікоў беларускіх уладаў у мерапрыемствах АБСЕ адстойвалі Латушка і каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Ні Андрэй Савіных, ні Сяргей Рачкоў – старшыні камісій па міжнародным супрацоўніцтве дзвюх палат «парламента» Лукашэнкі, дэпутаты і сенатары «палаткі» і «радрэпа» не будуць дапушчаныя да паседжання. Гэта пацвердзілі нашыя дыпламатычныя крыніцы. Чаму? Бо яны не маюць права прадстаўляць беларускі народ. Другое – таму што Беларусь з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны. Гэта ў тым ліку адказнасць гэтых т.зв. дэпутатаў за згоду і падтрымку забойстваў мірных жыхароў Украіны», – заявіў Латушка.

Паседжанне ПА адбудзецца 23-24 лістапада ў Варшаве, у ім прымуць удзел прадстаўнікі парламентаў больш за 50 краін. Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі маюць намер сустрэцца з членамі замежных парламенцкіх дэлегацый.