Франак Вячорка: Сустрэча Ціханоўскай з Сурвілай у Канадзе прынесла пачуццё пераемнасці паміж БНР і Новай Беларуссю



На мінулым тыдні завяршыўся першы афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у Канаду. Там Ціханоўская сустрэлася ў тым ліку з прэм’ерам Джасцінам Трудо, са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Па вяртанні каманда Офіса стала сведкамі, як і ўвесь свет, зрухаў унутры і вакол рэжыму Лукашэнкі: візіт расейскіх генералаў у Беларусь, аналітычны даклад пра падрыхтоўку замаху на Лукашэнку і, нарэшце, смерць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея.

Фота: lrt.lt

Вольга Сямашка пагутарыла з галоўным дарадцам аддзела знешняй палітыкі Офіса Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам пра тое, якую Беларусь выбрала падтрымаліваць надалей Канада, пры якіх умовах Зяленскі сустрэнецца з Ціханоўскай і пра што прэзідэнт-элект размаўляла з Парашэнкам, у чым сэнс пастаяннай ваеннай пагрозы Беларусі для Украіны і ці зменіць сітуацыю ў рэгіёне смерць Макея.

РР: Хацелі перадусім распытаць пра канадскае падарожжа, але здарылася смерць Уладзіміра Макея. На сённяшні момант ці можам мы казаць пра тое, што нешта памянялася ў палітычным полі, ці адкрыліся нейкія мажлівасці, у першую чаргу для Святланы Ціханоўскай?

Франак Вячорка: Я не думаю, што смерць Макея можа адкрыць нейкія магчымасці. Яна яўна закрыла нейкія магчымасці для Лукашэнкі. Бо Макей на працягу шматлікіх гадоў быў галоўным «адбельнікам» рэжыму. Пасля кожнай хвалі рэпрэсіяў сустракаўся з замежнымі дыпламатамі і тлумачыў ім, што гэта ўсё робіцца дзеля дабра, Беларусі, народу, незалежнасці. Зараз, не маючы Макея, Лукашэнка практычна закрыў сабе масточак, гэты калідор, на Захад. І наўрад ці нехта іншы здолее яго замяніць, таму што справа не ў пасадзе міністра, справа ў асобе Макея. Макей, які быў асабліва прыбліжаны да Лукашэнкі, меў абсалютны яго давер і які меў кантакты. А паставіць на гэтае месца Амбразевіча, Савіных ці Віктара Лукашэнку, нават калі дадуць ім нейкія рэгаліі і пагоны – гэта ніякім чынам не памяняе сітуацыю. Макея Лукашэнку будзе вельмі цяжка замяніць.

РР: Ці блізка вам тая канспіралагічная версія, што смерць Макея – «чорная метка» для Лукашэнкі? Маўляў, ён можа быць наступным. І ці праўдзівыя тыя здагадкі пра магчымы замах на Лукашэнку з боку Расеі?

Франак Вячорка: Я не бачу прычын для Расеі мяняць Лукашэнку. Ён выконвае ўсе прыхмаці – прадастаўляе тэрыторыю, авія-касмічную прастору, падтрымлівае пазіцыю Расеі ва ўсіх міжнародных арганізацыях. Ці можна марыць пра лепшага сябра і саюзніка, чым Лукашэнка, які робіць усё за бясплатна і дапамагае ў абсалютна вар’яцкай вайне, ад якой увесь свет шарахаецца. Я думаю, што гэтая канспіралагічная версія, канешне, мае права на існаванне, як любая, канспіралогія, але я бы не спяшаўся па гэтым рабіць высновы. Я думаю, што ўсю праўду мы даведаемся тады, калі будуць адкрытыя дакументы, архівы, а гэта адбудзецца толькі пасля дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

РР: У 2020 годзе я была сярод журналістаў, якія высвятлялі пасля пратэстаў, ці можа Макей заняць месца Лукашэнкі, напрыклад, здзейсніўшы нейкія палітычныя рухі. Гэтага, як мы бачым, не адбылося. Але ці ёсць на сёння кандыдат, які можа замяніць Лукашэнку? Называюць Зася. Але гэта, напэўна, усе будуць стаўленікі Расеі.

Франак Вячорка: Называюць Зася, Вальфовіча, Качанаву, зараз вярнуўся Канаплёў у арбіту. Можна колькі заўгодна гадаць, але ніводзін чалавек, якога патэнцыйна паставіла б Расеі, не ўтрымае гэтую сістэму. Гэты рэжым, вертыкаль улады збудаваная выключна персанальна пад Лукашэнку. Любая іншая асоба проста будзе не здольная, без той хваткі, якая ёсць у Лукашэнкі, гэта ўтрымліваць. Я ведаю, што зараз ідзе спроба стварыць калектыўнага Лукашэнку. Перадаць нейкія паўнамоцтвы Радзе бяспекі, Усебеларускаму сходу, але гэта ўсё марныя спробы. Разам з падзеннем Лукашэнкі, сыходам, смерцю, невядома як гэта будзе, уся гэтая сістэма разваліцца як картавы дамок.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» – галоўным дарадцам аддзела знешняй палітыкі Офіса Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам, камунікавала Вольга Сямашка.