Анаіс Марэн: ААН не дазволіць Беларусі і беларусам у выгнанні знікнуць з міжнароднай павесткі



Беларусы працягваюць пакідаць Радзіму з-за палітычнага крызісу і сутыкаюцца за мяжой з праблемамі ў розных сферах: легалізацыя, доступ да медыцыны, адукацыя, банкаўскія паслугі. У сувязі з гэтым экспертна-аналітычны клуб правёў анлайн-дыскусію «Беларусь у выгнанні: як абараніць правы чалавека». Агульныя рэкамендацыі міжнароднай супольнасці для падтрымкі беларусаў у выгнанні агучыла спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн:

– Не дазволіць Беларусі трапіць па-за ўвагай міжнароднай супольнасці і стаць другаснай праблемай з-за таго, што ў рэгіёне ёсць іншыя сур’ёзныя праблемы, у тым ліку з правамі чалавека ва Украіне. Трэба мець бачанне таго, што ёсць эксперты па Беларусі адносна парушэнняў правоў чалавека. Шмат беларусаў у выгнанні, і вельмі важна дазволіць гэтым людзям стварыць свае супольнасці.

Асноўную рэкамендацыю для саміх беларусаў у выгнанні агучыў юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:

– Трэба ад тых краін, дзе зараз знаходзяцца беларусы, патрабаваць выканання правоў чалавека. Канешне, не дапускаць выпадкаў дыскрымінацыі, і калі такія праявы адбываюцца – спыняць іх, і тым самы выконваць свае абавязкі адносна правоў чалавека. Гэта важная рэкамендацыя, можна нават сказаць універсальная. У большасці краін, дзе сёння знаходзяцца беларускія грамадзяне, былі праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, падтрымка культурных ініцыятыў і цэлага шэрагу іншых праграм.

Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі, што ў ААН хапае механізмаў, каб наладзіць супрацу дзяржаў па належнай абароне правоў беларусаў у выгнанні. Як адпаведна і наладжвання ціску на афіцыйную Беларусь для паступовага выхаду на саступкі па асноўных патрабаваннях – вызвалення палітзняволеных і дэмакратычных зменаў у краіне.

Беларускае Радыё Рацыя