Айдэр Муждабаеў: Масква будзе змушаць Лукашэнку да поўнага падпарадкавання



Вядомы расейскі, а з 2015 году ўкраінскі журналіст, публіцыст і блогер Айдэр Муждабаеў кажа, што ўкраінцы зараз цалкам пазбаўленыя ілюзіяў і наконт Лукашэнкі, і наконт Беларусі ўвогуле.

«Мы зараз у стане вайны і не хочам разбірацца ў нюансах, яны цяпер не важныя», – сказаў ён у каментары Рацыі. Муждабаеў удзельнічаў у чарговым мітынгу ў Вільні літоўцаў, украінцаў і беларусаў супраць расейскай агрэсіі ва Украіне.

Зараз усе ўкраінцы разумеюць, як бы там ні было, памыляліся яны, ці не, цяпер Лукашэнка – вораг, і Беларусь цяпер – вораг. Так ці інакш гэта проста факт. І ён зараз усім зразумелы. Усіх беларусаў, якія прыйдуць са зброяй ва Украіну, проста заб’юць.

Айдэр Муждабаеў кажа, што палітычная думка Украіны схіляецца да версіі датычнасці Масквы да нядаўняй смерці міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. «Гэта сігнал Лукашэнку», – лічыць ён.

Я думаю, што Масква заб’е Лукашэнку. Заб’е або фізічна, або палітычна. Я думаю, што хутчэй за ўсё фізічна. Я думаю, што забойства Макея – гэта проста рэпетыцыя і пагроза, такая «чорная метка» беларускаму дыктатару.

У Расеі Айдэр Муждабаеў залічаны ў спіс тых, хто публічна заклікае да тэрарызму, яшчэ ў 2020 годзе. Следчы камітэт Расейскай Федэрацыі аб’явіў яго ў міжнародны вышук.

Беларускае Радыё Рацыя