Агляд прэсы: падстава для спрэчкі



Ці зменіць нешта ў Беларусі смерць галоўнага дыпламата? Сустрэча кіраўнікоў МЗС NATO ў Бухарэсце. Германія заключыла з Катарам пагадненне па газе. У Турцыі апазіцыя прадставіла праект новай канстытуцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей, пра чыю смерць у выніку сардэчнага прыступу стала вядома ў мінулыя выходныя, быў самым вядомым чыноўнікам краіны пасля дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. За дзесяць гадоў знаходжання на пасадзе ён набыў рэпутацыю галоўнага празаходняга голасу беларускага рэжыму. Таму нядзіўна, што яго раптоўная смерць у шэсцьдзесят чатыры гады спарадзіла мноства тэорый змовы: тым больш, што ён працаваў аж да самай смерці і выглядаў цалкам здаровым», – піша амерыканскае выданне Сarnegieendowment.

«Макей быў тварам і рухаючай сілай самага доўгатэрміновага збліжэння Менска і Захаду пасля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе. Макей выкарыстаў магчымасці, якія былі ў яго, каб вывесці Мінск на знешнепалітычную траекторыю нейтралітэту, што непазбежна цягне за сабой пэўнае дыстанцыяванне ад Расеі. Паводле яго ўласных слоў, ён хацеў, каб Беларусь стала «ўсходнееўрапейскай Швейцарыяй». Макей выцесніў самавольнага расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча, а шэрагі дзяржапарату – ад найбольш крыўдных прыхільнікаў масквацэнтрычнай канцэпцыі «рускага свету». «Беларусізацыя» ўвайшла ў ідэалагічнае рэчышча. З-за яго паходжання шмат хто ў Беларусі і на Захадзе з надзеяй глядзелі на Макея падчас масавых пратэстаў супраць беларускага рэжыму ў 2020 годзе. Здавалася, што ён быў галоўным кандыдатам на пасаду высокапастаўленага чыноўніка, які мог бы сысці ў адстаўку ў знак салідарнасці з пратэстоўцамі ці нават перайсці ў іх шэрагі, адкрываючы шлях да расколу ўнутры элітаў, што было б неабходным для паспяховай рэвалюцыі. Але гэтыя надзеі не апраўдаліся. Тыя, хто працаваў з Макеем або рэгулярна кантактаваў з ім, апісваюць яго не як ліберала або схаванага дысідэнта, а як аўтарытарнага лідара, які ўмеў арыентавацца ў розных інтрыгах наменклатуры, і праніклівага перамоўшчыка, гатовага сказаць сваім замежным калегам тое, што яны хацелі пачуць. Яшчэ да раптоўнай смерці Макея было цяжка ўявіць, як Менск зможа вярнуцца да сваёй шматвектарнай знешняй палітыкі, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, не кажучы ўжо пра тое, пакуль ва Украіне ідуць баі», – канстатуе амерыканскае выданне.

***

Галоўнай тэмай сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO – ужо пятай па ліку сёлета – зноў стала вайна Расеі супраць Украіны. У цэнтры ўвагі – пытанне пра тое, як на фоне расейскіх удараў па інфраструктуры забяспечыць насельніцтва Украіны электрычнасцю і водазабеспячэннем у зімовы перыяд. Еўрапейская прэса аналізуе тое, як цяпер ідзе справа з адзінствам альянсу. Нідэрландская газета De Volkskrant пералічвае пункты, па якіх у альянсе маюцца рознагалоссі.

«Тое, што Еўропа адстае ад ЗША і ў плане аказання эканамічнай дапамогі Украіне, становіцца ў Вашынгтоне ўсё больш значным палітычным фактарам. ЗША жадаюць, каб Еўропа не толькі больш рабіла для Украіны, але і далучылася да дужання супраць Кітая ў сферы тэхналогій. У Еўразвязе ж усё гучней гучыць незадаволенасць з нагоды двух іншых пытанняў, як то: велізарныя прыбыткі, атрымоўваныя амерыканскімі кампаніямі ад продажу звадкаванага прыроднага газу у Еўропу, і так званы Закон аб паніжэнні інфляцыі, які з-за капітальных інвестыцый у прамысловасць ЗША можа прывесці да страт для ЕЗ. Па сканчэнні дзевяці месяцаў становіцца ясна, што наступствы расейскай агрэсіі супраць Украіны не толькі спрыялі згуртаванасці Захаду, але і стварылі новую парахавую бочку ўнутры альянсу», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

***

Згодна з заявай, зробленай кіраўніцтвам Катара, Германія падпісала з катарскім дзяржаўным канцэрнам Qatar Energy пагадненне аб пастаўках газу. З 2026 года Германія на працягу 15 гадоў плануе закупляць да двух мільёнаў тон звадкаванага прыроднага газу штогод. Як зазначае прэса, заключэнне падобнай здзелкі ідзе насуперак як з бягучымі дыскусіямі аб абароне клімату, так і з крытыкай у адрас Катара ў сувязі з чэмпіянатам свету па футболе, які там праходзіць. «Нягледзячы на ўсе дэбаты аб парушэннях правоў чалавека, якія разгарнуліся вакол Катара, краіна напэўна не пашкадуе, што стала гаспадыняй чэмпіянату свету па футболе», – піша нідэрландская газета Handelsblad.

«Краіна назаўжды звязала сваё імя з самым папулярным відам спорту і зараз адчувае сябе ў большай бяспецы. Будучы размешчаным паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам, дзвюма буйнымі рэгіянальнымі дзяржавамі, Катар мае патрэбу ў магутных заступніках. Інвестыцыі, звязаныя з футболам – хуткі спосаб набыць глянец, а заадно і ўплывовых сяброў. Катар робіць нядрэнны бізнэс і ў іншай сферы. Чатыры гады таму ўвесь футбольны свет сустрэўся ў Расеі. Задняй датай той чэмпіянат быў названы чэмпіянатам імя Газпрома. А сёлета, у разгар вайны ва Украіне, мы гуляем на чэмпіянаце імя звадкаванага прыроднага газу», – з горыччу гіранізуе нідэрландскае выданне.

***

У панядзелак альянс шасці апазіцыйных партый Турцыі, сфарміраваны вакол кемалістскай Рэспубліканскай народнай партыі, прадставіў праект новай канстытуцыі краіны. Ключавым палажэннем дакумента з’яўляецца вяртанне да парламентарызму і, такім чынам, адмова ад прэзідэнцкай сістэмы, якая дзейнічае з 2018 года і засяродзіла большую частку ўлады ў руках прэзідэнта Эрдагана. Апазіцыйныя СМІ даюць свае ацэнкі праекту. Кемалісцкая газета Sözcü паказвае на тое, наколькі важны гэты праект.

«Цяперашнім кіраўнікам краіны атрымалася цалкам выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах той унікальны аб’ём улады, якім надзяляе іх сітуацыя аднаасобнага кіравання. Адзін з найважнейшых інтарэсаў кіраўніцтва заключаецца ў тым, каб паўнамоцтвы ўсенародна абранага парламента былі ўрэзаны, і ў значнай ступені перададзены прэзідэнцкаму палацу. Турцыя павінна як мага хутчэй адмовіцца ад такога аднаасобнага рэжыму. Гэтага можна дабіцца толькі пры дапамозе новай Канстытуцыі. Мы павінны аднавіць незалежнасць судовай сістэмы, і зараз зроблены першы важны крок у гэтым накірунку. Пры ўмове, вядома, калі ні адна з шасці апазіцыйных партый не адступіць і не згуляе на руку другому боку», – адзначае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.