Агляд прэсы: калі справы – «швах»



Ці не надакучыў Крамлю Лукашэнка? Нечаканыя пратэсты ў Кітаі. Халодная сустрэча краін Вішаградскай чацвёркі. 90 гадоў Галадамору: ці будзе прызнаны генацыдам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Расея магла прыняць рашэнне пазбавіцца ад беларускага дыктатара. У такім ключы самае папулярнае выданне Германіі Bild разважае пра смерць кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея.

«Напярэдадні беларускае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла аб раптоўнай смерці міністра замежных спраў краіны Уладзіміра Макея. Прычыны смерці да гэтага часу не ясныя. У той жа час дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка ўжо выказаў меркаванне, што высокапастаўленага чыноўніка маглі атруціць. Аўтарытэтны амерыканскі даследчы цэнтр Інстытут Роберта Лансінга незадоўга да смерці Макея паведаміў, са спасылкай на крыніцы ў расейскім ваенным кіраўніцтве, што ў Крамлі вырашылі пазбавіцца ад Аляксандра Лукашэнкі. Паводле інфармацыі амерыканскіх экспертаў, расейская служба ваеннай разведкі (ГРУ) можа здзейсніць замах на Лукашэнку і незалежна ад таго, ці стане ён паспяховым, сфабрыкаваць доказы, якія будуць сведчыць аб датычнасці да аперацыі Украіны, Польшчы і выведкі НАТО. Ліквідацыя Лукашэнкі, па ўсёй бачнасці, патрэбна для таго, каб аб’яднаць дзве арміі – расейскую і беларускую – у вайне супраць Украіны. Такім чынам РФ хоча ўцягнуць Беларусь у ваенныя дзеянні, паглынуўшы краіну і пазбавіўшы яе суверэнітэту, лічаць аналітыкі. Эксперты нават называюць магчымага пераемніка Лукашэнкі: ім можа стаць лаяльны Крамлю беларускі вайсковец Станіслаў Зась, які займае пасаду генеральнага сакратара АДКБ», – паведамляе нямецкае выданне.

***

У многіх гарадах Кітая не сціхаюць пратэсты супраць антыкаранавіруснай палітыкі ўрада. Таксама гучаць і заклікі да адстаўкі Сі Цзіньпіна. Падставай да пачатку пратэстаў паслужыў пажар у жылым доме ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, які забраў жыццё дзесяці чалавек. Судзячы па ўсім, строгі лакдаўн, які дзейнічае ў рэгіёне, не дазволіў своечасова правесці выратавальную аперацыю. На думку шведскай газеты Dagens Nyheter, у Кітаі расце новая салідарнасць.

«Звычайна пратэсты атрымоўваецца душыць без асаблівага супрацьстання, паколькі ў Кітаі адсутнічае тое мноства арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія падтрымліваюць і аб’ядноўваюць апазіцыйныя сілы ў менш таталітарных краінах. Палітыка ў адносінах да пандэміі стала свайго роду заменай: яна з’яўляецца фактарам, які мабілізуе багатых, бедных, маладых, пажылых, студэнтаў і працоўных заводаў па вытворчасці айфонаў. Яна прымушае гарадскі сярэдні клас Шанхая спачуваць прыгнечаным у Сіньцзяне, які знаходзіцца ад яго за 4000 кіламетраў. І гэты факт збольшага тлумачыць тое, чаму менавіта зараз Кітай перажывае самы вырашальны момант у сваёй гісторыі з вясны 1989 года», – піша шведскае выданне., які яшчэ больш пагоршыў бы і так не бліскучыя перспектывы Еўропы? Неабходна, як мінімум, спыненне агню, а ў лепшым выпадку – мірныя перамовы. Калі цяперашняя сітуацыя зацягнецца, то гэта будзе азначаць толькі працяг бойні і далейшыя пакуты для Еўропы», – лічыць венгерскае выданне.

***

У чацвер у славацкім горадзе Кошыцы прайшла сустрэча кіраўнікоў урадаў Чэхіі, Польшчы, Славакіі і Венгрыі. Уся ўвага была прыкавана да Венгрыі, паколькі яе знешнепалітычная пазіцыя ў значнай ступені разыходзіцца з пазіцыяй яе партнёраў па Вішаградскай групе. І найперш гэта тычыцца падтрымкі Украіны. «Гэты фармат сябе цалкам вычарпаў», – канстатуе венгерская газета Népszava.

«Падчас сустрэчы прэм’ер-міністры Славакіі, Чэхіі і Польшчы ўжо нават і не спрабавалі пераканаць Віктара Орбана наконт вайны. Яны паставілі перад сабой мінімальную мэту: дамагчыся таго, каб венгерскі прэм’ер заявіў, што парламент Венгрыі ратыфікуе ўступленне ў НАТО Швецыі і Фінляндыі. Орбан зрабіў гэта, аднак дадаў, што ратыфікацыя стане магчымай толькі ў студзені, хаця раней на працягу многіх месяцаў заяўляў, што гэта адбудзецца яшчэ ў гэтым годзе. Перад намі чарговае туманнае абяцанне, не больш за тое. Такім чынам, саміт не прадэманстраваў ніякіх канкрэтных вынікаў. Судзячы па ўсім, ніхто ўжо не песціць ілюзій і надзей на выратаванне Вішаградскага форума», – падсумоўвае чэшскае выданне.

***

Паводле розных ацэнак даследчыкаў, у 1932-1933 гадах ва Украіне ад голаду памерла ад трох да сямі мільёнаў чалавек. Прычына голаду – прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак, якая праводзілася Сталінам. Нягледзячы на неўраджай, які здарыўся, улады сілай адбіралі ў сялян вялікую частку сабранага імі збожжа, а часцяком канфіскоўвалі ўсё ўшчэнт – з мэтай адправіць яго на экспарт, а таксама пракарміць гарадское насельніцтва. Цяперашняя вайна, развязаная Расеяй супраць Украіны, надала новы імпульс кампаніі за прызнанне Галадамору 30-х гадоў генацыдам. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau вітае ініцыятыву бундэстага па прызнанні Галадамору генацыдам.

«Голад панаваў тады і ў іншых рэгіёнах Савецкага Саюза – на Паўночным Каўказе, у Паволжы і Казахстане. Але толькі ва Украіне ўлада паставіла сваёй мэтай, выкарыстоўваючы голад, найжорсткім чынам падпарадкаваць сабе цэлы народ, і прымусіць яго прыняць камуністычныя парадкі. Прызнанне Галадамору генацыдам, вядома, не можа наўпрост дапамагчы Украіне ў яе цяперашняй барацьбе за свой суверэнітэт. Але яно ўсё роўна ўяўляе сабой магутны палітычны сігнал, сэнс якога адназначны: злачынствы мінулага рана ці позна будуць названы такімі. І гэтае прызнанне з’яўляецца для ўкраінцаў і ўкраінак важнай маральнай падтрымкай», – канстатуе нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.