Уладзімір Някляеў: Вайна, якой няма



Паэт Уладзімір Някляеў напісаў новую паэму, якая надрукаваная ў новым нумары беластоцкай газеты „Ніва”

Уладзімір Някляеў

ВАЙНА, ЯКОЙ НЯМА

Паэма

1

Сонца над Токіа. А над Нью-Ёркам агні.

Каваю пахне Парыж. А Стамбул пахлавою.

Ціха плывуць над зямлёю

Апошнія мірныя дні

Перад апошняй сусветнай вайною.

Марш Мендэльсона ў палацы Манака гучыць,

Правіцца баль, на вяселлі гуляе паўсвета,

Соладка п’ецца віно,

але ўсё-ткі на вуснах гарчыць

Перад апошняй вайною апошняе лета.

У Ватыкане моліцца Папа за мір,

У Аль-Хараме малітвы над храмам, як ветразі,

Ніл працякае, як вечна ён цёк, праз Каір –

Ды ўжо паціху вада чырванее пры беразе.

Ціша над Крэвам, дзе лес поўны спелых суніц,

Але ўзгулі бамбавозы над замкам над Крэўскім –

І асыпаюцца ягады, падаюць кнігі з паліц:

Дантэ з Шэкспірам і Ніцшэ з Ф. М. Дастаеўскім.

Колькі прарокаў! І ўсе – пра канец. Пра сыход.

Піфія ў Дэльфах. Ісая і Аўдзій. І Ванга.

Вось і танцуе Дэтройт свой апошні факстрот,

І Аргенціна танцуе апошняе танга.

Бліскае срэбрам на рынку Пусана луска,

Заўтра ўжо сейнеры выйсці не змогуць на ловы,

Новы “Лятучы галандзец” – крэйсер “Масква”

Сёння ўваходзіць ва Ўсходняе мора…

Сталёва

Бліскаюць лодкі падводныя там, дзе кіты

Шляхам адвечным плывуць, дзе гарэзяць дэльфіны…

Піфія з Дэльфаў! Прарочыла гэта не ты!

І не Ісая прарочыў

Кроў Украіны!

Можна прарочыць такое, калі звар’яцець,

І калі ўбачыць, ступіўшы за ўсе небасхілы,

Як перад смерцю ўкраінскай красуецца руская смерць

Каля магілы.

На піраміды Егіпта цярушыцца вечнасці пыл.

Сцёрта чытаецца надпіс на фіўскіх грабніцах:

“Жні, што пасеяў!” – і ўзносяцца прахам з магіл

Дзеці і ўнукі, якім ужо не нарадзіцца.

А ў рэстаранах, у барах і пабах, ва ўсіх кабарэ,

Дзе куртызанка Еўропа спявае і грае,

Break. Перапынак. Бо жах куртызанку бярэ:

Божая Маці ў яе на руках памірае.

2

Быў просты шлях. Я рушыў наўскасяк.

Да надпісу на бронзавай скрыжалі:

“Шляхі жыцця і смерці аніяк

Не супадаюць. Але тут супалі”.

“Дзе гэта тут?..”

Быў надпіс: “На судзе”.

Ён сам з’явіўся з неадкуль. З-пад спуду.

Ён плыў па бронзе, быццам па вадзе.

“А дзе той суд?”

І надпіс быў: “Паўсюду”.

Палі палалі за маёй спіной,

Гарэлі гарады перада мною,

Усё наўкол мяне было вайной,

Апроч вайны, што не была вайною.

3

Шлях ад Дабра да Зла

Паклаўся недарма.

Па ім яна прыйшла:

Вайна, якой няма.

З абодвух-двух бакоў

Забітыя сыны

І плач сірот і ўдоў,

Але няма вайны.

Няма людскіх пакут,

Крыві, што як вада…

Але ёсць Божы суд,

Калі няма суда.

4

Вінаваты, прыйшоў я на суд,

Сеў адзін на судовую лаву.

“Тут занята, – сказалі мне. – Тут

Судзяць Пыху, Гардэчу і Славу”.

“Славу судзяць? За што?..”

“Спакушала

Ваяроў і тыранаў яна.

Пасялілася ў свеце здаўна

І крывавіла меч Ганібала,

Тамерлана і Кіра мячы,

Прымушала галовы сячы,

Чым іх болей – тым большая слава

Паўставала жахліва, крывава

За Атылам, Мурадам, Вардой,

Поўных пыхі і поўных гардэчы,

Што прайшлі са сваёю ардой,

Быццам смерч, па шляхах чалавечых,

Што спяшалі ў крыві па калена,

Пасяваючы попел і тлен,

Ад сцен Рыма да сцен Карфагена,

Каб руінамі стаў Карфаген!”

5

Я жыву, бо я жыць прывык.

Нават мёртвыя хочуць жыць.

Ды сядзіць ува мне, як цвік,

Непрадыхна, бы ў горле косць:

Чым такімі быць, як мы ёсць,

Можа, лепей зусім не быць?

6

Дымны смерч над зямлёй усклубіўся –

Ён узнёс да нябёс Карфаген.

На калені я ўпаў. Памаліўся.

Перад смерчам падняўся з кален.

Пацямнела яго палавіна,

Прасвятлела другая – паміж

У чырвоным узнікла жанчына,

На грудзях абдымаючы крыж.

Я зірнуў ёй у твар. Што за рысы!

Ад анёла і ад сатаны!

Што за вочы ў яе! Як у рысі!

І спажыву шукалі яны.

“Ты чаму пакарала нявінных? –

Я спытаўся. – Ты смерць? Ты вайна?”

“Пакараецца ўсё, што павінна

Пакарацца!” – сказала яна.

І ў вачах яе вузка-рысіных

Палыхнула! Мяне апякло!

І сказала яна: “Я Расія.

Я – што будзе. І я – што было.

Я ў канцы векавечнага шляху

І ў пачатку. Як смерць у жыцці.

Не ўцячы ад мяне, не сысці

Ані зверу, ні рыбе, ні птаху!

Аніколі – ні ўдзень і ні ўночы,

Анікому – дакуль ён жыве,

З майго шляху нікуды не збочыць,

Ці ляціць ён, ці йдзе, ці плыве!”

7

Быў дзень, як ноч, і ноч была, як дзень.

Я заблукаў. І Украіны цень

Паўстаў перада мною і за мной,

І па баках – Тарасавай гарой.

Той цень сказаў, прамовіла гара:

“Ці любіш ты мяне, ці ненавідзеш,

Куды ні йдзеш ты – прыйдзеш да Дняпра.

Куды ні збочыш – да Ўкраіны прыйдзеш.

Як дзень да ночы – і як ноч да дня”.

Я стаў перад гарою: “Украіна!

Калі мы нават крэўная радня –

Не тут мой Днепр. Не тут мая Айчына”.

І неба над Дняпром абрынуў гром:

“Дзе б ні была рака тваёй Айчыны,

З дабром прыйшоў ты – вернешся з дабром,

Прыйшоў са злом – назад няма сцяжыны”.

“А калі я паміж дабра і зла?”

І рэхам грому ўчуў я: “Летуценні…”

І кругам мне дарога пралягла –

Вакол гары цераз чатыры цені.

8

З ценю чацвёртага выйшаў і сеў на паром.

Плыў па Дняпры, а пасля яшчэ плыў за Дняпром.

Там, дзе пралегла мяжа паміж злом і дабром,

Хата мая. Мой бацькоўскі. Мой дзедаўскі дом.

Там я вярнуўся дахаты. А хата гарыць.

Трое братоў на падворку. І першы крычыць:

“Ці да Масквы нам туліцца і ласціцца – ці нам не быць!”

Ласціцца дрэва да полымя. Хата гарыць.

Жыта за хатай агонь накрывае. І сад…

“Косы і вілы вастрыце!” – крычыць трэці брат.

Сталі браты мае косы і вілы вастрыць.

Востраць і востраць. А хата гарыць і гарыць.

Брат мой другі, што маўчаў, як на камені крыж,

Кінуўся паміж братамі і мною, паміж

Злом і дабром, цераз Кіеў, Маскву і Арду,

Вёдры схапіў і пабег скрозь агонь па ваду…

9

Пралятае апалены вецер

Цераз Крэва, Ашмяны, Смаргонь…

Мая хата стаіць ва ўсім свеце –

Ва ўсім свеце палае агонь.

Як зямля гэты свет яшчэ носіць?

Як трывае ягоны цяжар?

Не касцы поле жытняе косяць –

Поле жытняе косіць пажар.

Косіць неба маланкамі Божа,

І чытаюцца знакі Яго:

“Той, хто выжыве, той пераможа!”

…Але хто

пераможа

каго?

10

Сонца згасае – і цемра ўкрывае Карпаты

Саванам чорным. Над ім – памінальныя зоркі.

Разам спачылі пад імі ахвяры і каты,

Прахам і попелам сталі і эльфы, і оркі.

Вечнасць над імі толькі здавалася вечнай,

Сшытай каметамі, шляхам рассыпанай Млечным,

Небам, якое з бяздоння ў бяздонне плыве…

Вечнасць

Сама

Не жыве.

Сэнс яе страчаны, неразгаданая мэта –

І на пагоркі Карпатаў з вяршыняў Тыбета,

Потым туды, дзе Сахара, і дзе Калыма,

Хваляй апошняй цячэ перасохлая Лета –

Вечнасці болей няма.

1-9.07.2022, Кракаў.

«Ніва» №49 2022 год