Імем пісьменніка Івана Муравейкі ўшанавалі бібліятэку і школу



На будынку Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі адкрылі мемарыяльную шыльду. Яна сведчыць аб тым, што гэтая ўстанова культуры цяпер носіць імя ўраджэнца Любаншчыны і былога жыхара райцэнтра пісьменніка Івана Муравейкі (1921-2021).

Увесь яго жыццёвы і творчы лёс быў звязаны са сваёй малой радзімай. А пражыў Іван Андрэевіч без малога сто гадоў. Толькі аднойчы ён пакінуў родныя мясціны, калі пайшоў абараняць Айчыну ад ворага.

Прайшоўшы па дарогах Другой сусветнай вайны ўсе чатыры гады, Іван Муравейка пакінуў на рэйхстагу надпіс: „Я – Іван з Беларусі”. А потым вярнуўся ў Любань і прысвяціў усяго сябе журналісцкай і пісьменніцкай справе. Пісьменнік – ганаровы грамадзянін горада Любань. У знак падзякі за заслугі перад беларускай літаратурай і Любаншчынай землякі прынялі рашэнне прысвоіць яго імя раённай бібліятэцы, дзе сёння знаходзіцца шмат твораў майстра мастацкага слова, а таксама захоўваецца літаратурны архіў.

Прыемнай навіной стала і паведамленне, што імя Івана Муравейкі таксама прысвоена і сярэдняй школе вёскі Таль, дзе нарадзіўся і хадзіў у школу будучы пісьменнік.

Пра гэта паведамляе свежы нумар “Нашага слова.pdf”. Электроннае выданне таксама публікуе працяг даследавання “Беларусы сустракаюцца з індзейцамі” Алеся Сімакова.

У гэтым годзе адзначалася 78 гадоў, як перастала біцца сэрца гэтага пісьменніка Кузьмы Чорнага. Мерапрыемства было арганізавана Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай Капыльскага раёна, дзе доўгі час працуе іх сумесны выхаваўчы праект „Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго любіць”. У гэтым годзе гэта супольная праца далучылася да абласнога праекта „Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, які толькі пачаў сваю працу з верасня 2022 года. У рамках праекта ДУ „Капыльская цэнтральная раённая бібліятэка імя А. Астрэйкі” выбрала для ўшанавання памяці і папулярызацыі творчасці Кузьму Чорнага – знакамітага земляка, выдатнага пісьменніка.

Пра ўсё гэта і пра шмат іншыя навіны чытачы даведаюцца з “Нашага слова”.

Беларускае Радыё Рацыя