Батумі: квіз да Слуцкага збройнага чыну



28 лістапада 2022 года ў грузінскім Батумі ў прасторы «аКсяродак» адбыўся гістарычны квіз – лекцыя па гісторыі і культуры Беларусі.

Сустрэча была прымеркавана да 102 гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Пра сустрэчу распавядае адзін з арганізатараў Сяргей Навумаў:

Людзям спадабалася, сказалі, што шмат для сябе адкрылі з гісторыі. Разумею па выніках, можна было некаторыя пытанні падаваць больш проста, але калі ў нас і квіз, і лекцыя, то ў прынцыпе, я бачыў, што людзям было цікава пачуць адказы. Сышлі задаволеныя. Штосьці згадалі самі з гісторыі. Таму, я думаю, такія мерапрыемствы варта праводзіць, менавіта па гісторыі Беларусі, каб людзі пазнавалі сваю гісторыю.

Па словах аднаго з удзельнікаў інтэлектуальнага спабору, такія сустрэчы вельмі патрэбныя беларусам Батумі:

Квіз спадабаўся. Вельмі натхняе, што знаходзяцца людзі, якія робяць гэта, якія збіраюць тут людзей. Вельмі цёплая, сяброўская атмасфера. І тут асяроддзе такое хатняе. Яшчэ цікавы факт, што адзін з арганізатараў, з тых, хто складаў пытанні, усё ж такі карэнны ўкраінец, не беларус. Таксама цікава, але пытанні былі беларускія. Прыемна назіраць светлыя і натхнёныя твары тых людзей, якія прыходзяць, і я з вялікім задавальненнем наведваю гэтае месца і большую частку мерапрыемстваў, якія тут праходзяць.

Арганізатары квіза падаравалі ўсім удзельнікам падарункі ад крамы беларускай сімволікі ў Батумі, а таксама запрасілі на серыю квізаў, якія адбудуцца ў снежні 2022 – студзені 2023 года.

Беларускае Радыё Рацыя