Аўтару „І з перцам, і з сэрцам” – 115



26 лістапада беларускаму паэту-сатырыкуі і драматургу Міхасю Скрыпку (1907-1991) спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.

Міхась Скрыпка нарадзіўся ў вёсцы Месцін Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1930 годзе юнак скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум.

Як успамінаў паэт у сваёй аўтабіяграфіі”Кожнаму сваё”, змешчанай у зборніку аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў “Вытокі песні” (Менск, 1973 г.), “хіба забудзеш Рагачоўскі тэхнікум, дзе прайшлі чатыры гады юнацтва, дзе пасябраваў ледзь не з усімі студэнтамі, асабліва з маладымі літаратарамі Янкам Валасевічам, Янкам Бандарчыкам, Алесем Жаўруком. Алесь быў душой нашага літаратурнага аб’яднання, якое ўваходзіла ў Бабруйскую філію “Маладняка”. Нашым літаратурным бацькам быў Міхась Лынькоў, з якім мы ўпершыню сустрэліся на акруговай сходцы маладнякоўцаў Бабруйшчыны ў 1926 годзе. Пісаць я пачаў яшчэ ў 1924 годзе, будучы вучнем шостага класа Багушэвіцкай сямігодкі. Тады ўпершыню сустрэўся з жывым паэтам Паўлюком Трусам. Праз год я атрымаў свой першы, незвычайны ганарар. На клубнай сцэне паставілі маю невялічкую рукапісную камедыю “Штукары”, у якой я сам іграў галоўную ролю. Па мястэчку тады віселі афішы з прыпіскай: “Увесь збор у карысць аўтара”. На сабраныя грошы мне купілі кашулю, штаны і падношаныя бацінкі (на новыя не хапіла ганарару)”.

Міхась Скрыпка ў 1940 годзе завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У час Другой сусветнай вайны быў у партызанах, у 1944 – 1945 гадах служыў у Савецкай Арміі. Пасля вайны настаўнічаў у школах Магілёўшчыны і Меншчыны. У 1965 – 1971 гадах пісьменнік працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі…

У друку Міхась Скрыпка ўпершыню выступіў у 1927 годзе. Выдаў зборнікі баек, вершаў, мініяцюр “Сатыра і гумар” (1958), “Сатырычны калаўрот” (1967), “Ад смеху не ўцячэш” (1975), зборнікі аповесцей, апавяданняў і гумарэсак “Мая хата не з краю” (1959), “Пад корань” (1962), “Усяк бывае…” (1963), “Шануючы вас” (1982), “Дзіва ў кошыку” (1983), “Злазьце – прыехалі!” (1985), “З сэрцам і перцам” (1987), кніжку апавяданняў для дзяцей “Дзіва ў рэшаце” (1963) і вершаваны зборнік “Пад смешнай вясёлкай” (1971). У 1977 годзе выйшла кніга выбраных твораў “І з перцам, і з сэрцам”.

Вядомы Міхась Скрыпка і як драматург. Ён напісаў сцэнарый кароткаметражнай тэлекамедыі “Акадэмік” (пастаўлена ў 1963 годзе). Аўтар звыш трыццаці аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя