155 гадоў з дня нараджэння Івана Жалтоўскага



Беларускі архітэктар Іван Жалтоўскі нарадзіўся 27 лістапада 1867 года ў двары Бродчы ваколіцы вёскі Плотніца (цяпер Столінскі раён Берасцейскай вобласці) у шляхецкай сям’і Уладзіслава Жаўтоўскага і Ядзвігі Савіцкай. У сям’і было яшчэ трое дзяцей. У 1878 г. паступіў у Пінскую рэальную вучэльню. У 1884-86 гг. вучыўся ў Астраханскім вучылішчы. З 1887 г. – студэнт архітэктурнага аддзялення Акадэміі мастацтваў. Вучоба ішла спярша цяжка, бо бацькі не маглі дапамагчы матэрыяльна. Стаў падпрацоўваць памочнікам у вядомых пецярбургскіх архітэктараў.

Паралельна наведваў майстэрню акадэміка Роберта Марфельда, аўтара цікавага праекта Музея антрапалогіі ў Мытным завулку. На апошнім курсе акадэміі Жалтоўскага запрасілі на працу ў архітэктурны аддзел Міністэрства шляхоў зносін, дзе ён праектаваў чыгуначныя станцыі і іншыя аб’екты. У 1895 г. Жалтоўскі атрымаў адразу дзве ўзнагароды: 1-ю прэмію за праект помніка архітэктару К. Тону і залаты медаль французскай Акадэміі архітэктуры – за праект помніка заснавальніку гамеапатыі А. Ганеману.

У 1898 г. закончыў дыпломны праект «Народны дом» і атрымаў званне архітэктара-мастака. Па сканчэнні Акадэміі Жалтоўскі выправіўся ажно ў Іркуцк, дзе меўся працаваць, але прыпыніўся ў Маскве, дзе атрымаў запрашэнне выкладаць у Строганаўскім вучылішчы. Так ён звязаў свой лёс з Масквою, быў да канца жыцця . Адной з першых работ там стаў праект гатэля «Метраполь», што, аднак, згарэў ужо ў 1902 г. У 1909 г. за выкананне ідэй класічнай спадчыны ў сучаснай архітэктуры атрымаў званне акадэміка. Шмат праектаваў і выкладаў ў Строганаўцы, дзе арганізаваў школу-майстэрню. Да 1917 г. Жалтоўскі стаў адным з найбольш запатрабаваных архітэктараў, які будаваў дамы для самых багатых людзей Расіі.

Паводле гісторыка мастацтва С. Харэўскага, славутая званіца кафедральнага пінскага  касцёла зробленая паводле яго праекта. Праект званіцы быў зацверджаны ў 1912 г., але з-за вайны і рэвалюцыі рэалізаваны толькі ў 1923-24 гг. Пасля рэвалюцыі 1917 г. распрацаваў праект генеральнага плана і шэрагу павільёнаў І Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выставы. У 1923 г. накіраваны ў Італію, дзе займаўся абмерамі рэнесансных будынкаў, вывучаў у бібліятэках і архівах рукапісы Паладыа, праектаваў Савецкі павільён для Міланскай сельскагаспадарчай выстаўкі.

1930-я гады былі вельмі плённымі. Ён шмат будаваў у Сочы, Грозным, Дом саветаў у Махачкале, распрацаваў праекты Інстытута літаратуры імя Горкага ў Маскве, тэатра ў Таганрозе, дома на Махавой вуліцы ў Маскве. У яго маскоўскай майстэрні праектаваліся і карэктаваліся планы пасляваеннага аднаўлення Гомеля і будаўніцтва аб’ектаў у Мазыры і Пінску. Менавіта вучні Жалтоўскага, архітэктары Баршч і Паруснікаў, стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў Мінску. Праект тэатра ў Гомелі, зроблены Жалтоўскім напярэдадні вайны, стаў асноваю для пабудовы тэатра ў 1947-56 гг. У канцы 1940-х гадоў школа Жалтоўскага пачала крытыкавацца, але ў 1950 г., калі майстрам на чале з мэтрам прысудзілі Сталінскую прэмію, цкаванне спыніліся. Самымі буйнымі праектамі ў 1950-я гады былі генеральны праект плана і забудовы горада Сочы, праектаванне Маскоўскага іпадрома, буйнапанэльных жылых дамоў, школ і кінатэатраў у розных гарадах.

Памёр Іван Жалтоўскі ў Маскве 16 ліпеня 1959 года. Пахаваны на Новадзявочых могілках. У Пінску названы праспект яго імем, на будынку былога Пінскага вучылішча ўсталяваная мемарыяльная дошка.

Беларускае Радыё Рацыя