Затрыманні ў Мёрах



У Мёрах сілавікі 30 лістапада пасля ператрусаў затрымалі сем чалавек. Сярод іх прынамсі адна жанчына. Найстарэйшаму, якога называюць настаўнікам гісторыі, 72 гады. Нагодай для затрыманняў сталі нібыта фотаздымкі з пратэстнай сімволікай у сацыяльных сетках ды падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Па людзей, як кажуць крыніцы «Нашай Нівы», прыязджалі разам з мясцовымі міліцыянтамі віцебскія спецслужбоўцы на двух бусах. Аперацыяй кіраваў КДБ. 

«Затрыманых можа быць больш, бо 30 лістапада ў райаддзеле міліцыі было шмат дастаўленых людзей, не толькі з завода. Чаму іх туды прывезлі, невядома», — адзначыў адзін з жыхароў раёна.

На гэты момант няма звестак, ці застаюцца затрыманыя ў райцэнтры або іх звезлі ў Віцебск.

Пра затрыманні на металапракатным заводзе ў Мёрах 30 лістапада паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле яго, забіралі тых, хто быў актыўным пасля выбараў 2020 года. Імя аднаго з затрыманых — Сяргей Ерафееў.