У Віцебску правялі Свята працы ў пазнавальным савецкім фармаце
Святкаванне было падрыхтавана прадзяржаўным абласным аб’яднаннем прафсаюзаў – сёлета гэтая арганізацыя адзначае 115-я ўгодкі.
У праграме было і ўрачыстае шэсце, якое чамусьці адмянілі ў апошні момант, і мітынг на плошчы Перамогі з узнагароджаннем найлепшых працаўнікоў, і канцэрты мастацкай самадзейнасці.
Чаму Свята працы атрымалася несучасным і невясёлым, разважае актывітывіст недзяржаўнага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Стукаў:
– Якое Свята працы ў нас можа быць, калі ў нас квітнее прымусовая праца ў выглядзе суботнікаў? Калі ў нас недастаткова працоўных месцаў, калі ў нас такі ўзровень беспрацоўя, што паўмільёна насельніцтва мусіла раз’ехацца, і цяпер іх лічаць дарамаедамі, ды яшчэ патрабуюць з іх нейкія грошы. Тут святкаваць няма падставаў.
На думку актывіста СПБ, святкаванне ладзіцца толькі “дзеля карцінкі”, якая вяртае людзей ў часы СССР, калі панавала афіцыйная прапаганда.
– Паказаць, што ў нас усё добра, што працаўнікі задаволеныя сваёй працай, сваімі заробкамі. А насамрэч – колькі дзяржава дала, колькі дырэктар заплаціў, за тое і дзякуй. Паглядзелі, што ты на гэтыя грошы выжываеш, – значыць, і добра. Людзі маўчаць і нічога не просяць – таксама добра. А не просяць, таму што варта паклапаціцца пра свае інтарэсы, як чалавек становіцца непажаданым, і з ім не працягваюць кантракт. І людзі гэта разумеюць. Таму ў нас няма ні нармальнай барацьбы за ўмовы працы, ні сацыяльнага дыялогу ў грамадстве.
Прадстаўнікі віцебскіх прадпрыемстваў, якіх дэлегавалі на мітынг, адразу ж пасля яго разышліся. Нават застацца на канцэрт амаль ніхто не пажадаў.
[Not a valid template]
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі
[manual_related_posts]