У Віцебску абмеркавалі супрацу па ўшанаванні памяці ахвяр сталінізму



Удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” абмеркавалі планы дзейнасці дзеля ўпарадкавання мясцін, дзе адбываліся “сталінскія” расстрэлы, і ўшанавання памяці бязвінных ахвяраў. У ваколіцах Віцебску такіх жалобных мясцінаў некалькі.

Апошнім у 2014-м годзе было адкрыта безыменнае масавае пахаванне непадалёк ад вёскі Хайсы, ад якой і ўзяла назву мясцовая ініцыятыва.

Яе кіраўнік Ян Дзяржаўцаў пералічыў самыя значныя справы, зробленыя там дзеля  ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору:

– Гэта стварэнне мемарыяла і фотавыстава – 10 стэндаў, прыкладна 200 фотаздымкаў. Мы рабілі гэта цягам некалькі гадоў. Выставу мы адкрылі ў Віцебску, у касцёле Езуса Міласэрнага, там яна адбыла два тыдні. А потым мы яе перавезлі, спачатку ў Полацк, потым у Глыбокае, Мёры, Браслаў.

 

Фотавыставу плануюць экспанаваць і ў іншых райцэнтрах Віцебшчыны, таксама на наступны год запланаваны сустрэчы з навукоўцамі і краязнаўцамі, пашуковая праца, распрацоўка інтэрнэт-сайта пра гісторыю сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам і шмат іншых відаў дзейнасці. Зрэшты, праца па ўшанаванні памяці ахвяр сталінізму распачалася ў Віцебску задоўга да стварэння ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”. На сустрэчу прыйшлі людзі, якія яшчэ ў 1990-я гады пачалі ствараць  самаробны мемарыял каля вёскі Паляі.

Ініцыятарам быў віцяблянін Якаў Рыжык:

– У мяне была – памёрла ўжо – сваячка, якая жыла ў Паляях і ў дзяцінстве бачыла расстрэлы. Мы паехалі ў Паляі, апытвалі мясцовых жыхароў, тады было яшчэ многа старажылаў… З дапамогай мясцовых жыхароў вызначылі дакладнае месца расстрэлаў і вырашылі паставіць там помнік.

На сустрэчы не толькі гучалі ўспаміны: людзі, якія займаліся віцебскай гісторыяй сталінскіх рэпрэсій у розныя часы, вырашылі аб’яднацца для супольнай працы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]