У Гародні адбылася сустрэча сяброў БАЖ



У Гародні адбылася сустрэча, на якой журналісты, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, маглі даведацца пра новыя змены ў Законе пра СМІ. Таксама пра тое, як у сучасных умовах працаваць журналісту-фрылансеру, куды звяртацца па дапамогу ў юрыдычных пытаннях.

Пра гэта гарадзенцам расказаў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец:

– Гарадзенскіх журналістаў цікавяць тыя самыя пытанні, якія непакояць сёння ўсіх беларускіх журналістаў гэта ў першую чаргу змены ў заканадаўства пра СМІ, якія тычацца дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Гэта незразумелыя ініцыятывы МУС па фактычнай забароне фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў ды іншых перашкодаў журналісцкай дзейнасці. Гэта бліжэйшыя выбары і паводзіны журналістаў падчас іх. Я спадзяюся, што мы разам шукалі пэўныя адказы на гэтыя пытанні.  

На сустрэчу прыйшлі журналісты, якія працуюць на незалежныя СМІ ў Гародні. Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў чакаюць, што ў іншых гарадах Беларусі таксама адбудуцца сустрэчы, на якіх прадстаўнікі юрыдычнай службы асацыяцыі раскажуць пра розныя аспекты працы журналіста.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]