Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі маюць намер правесці 17 жніўня забастоўку



Супрацоўнікі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК) маюць намер правесці 17 жніўня забастоўку. Пра свае планы яны апавясцілі старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву і прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлю Эйсмант на сустрэчы, якая адбылася ўвечары 15 жніўня ў будынку НДТРК.

Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў мерапрыемства, сустрэча пачалася каля 18.00 і доўжылася прыкладна гадзіну. Спачатку ў калектыве зрабілі пераклічку — хто за каго галасаваў на прэзідэнцкіх выбарах. Высветлілася, што больш было паднята рук тых, хто галасаваў за Святлану Ціханоўскую. Пасля гэтага супрацоўнікам сказалі, што „тут ніхто нікога не трымае”.

Качанава заявіла, што „нікога ніколі не падманвала”. Яна стала распавядаць пра „лялькаводаў”, адсутнасць пенсій у 1990-я гады, а пасля спытала ў прысутных: няўжо „яны гэтага хочуць”? „Нам сказалі, што калі мы не ў стане бачыць самі, што адбываецца, то нам ніхто не дапаможа”, — распавёў прадстаўнік кампаніі.

Качанава прызнала, што збіваць людзей нельга, што гэта дрэнна, а на пытанне, хто за гэта адкажа, запэўніла, што з гэтым „абавязкова будуць разбірацца”. Пры гэтым было зададзенае сустрэчнае пытанне: „Навошта людзі выходзілі і махалі рукамі?”

Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі спыталі ў Качанавай, чаму ў эфіры дзяржканалаў паказваюць „зэкаў, а не збітых дзяўчат”.

Старшыня НДТРК Іван Эйсмант адзначыў, што рэпарцёраў на гэтай сустрэчы няма, таму што „частка — у бальніцах з інфарктам, частка — з’ехала з горада, таму што ім ужо чатыры месяцы пагражаюць”. Было таксама заяўлена, што ў дачыненні да супрацоўнікаў дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі адбываецца „зрэжысаванае цкаванне”.

У час сустрэчы ў фае будынка Белтэлерадыёкампаніі знаходзілася восем сілавікоў у экіпіроўцы. Удзельнікаў сустрэчы не хацелі выпускаць праз цэнтральны ўваход у будынак, але пасля таго, як яны сталі гучна абурацца, прапусцілі.

Зараз перад будынкам НДТРК на вуліцы Макаёнка праходзіць мітынг. Сотні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, паветранымі шарамі і плакатамі перыядычна апладуюць і скандуюць перад вокнамі „Праўду!”, „Лукашэнка прайграў”, „Сыходзь!”. Перад дзвярыма нехта паклаў плакат з надпісам „Сумленне” — каб супрацоўнікі дзяржаўнай кампаніі праз яго пераступалі.

belapan.by

[manual_related_posts]