Пад Віцебскам на Дзяды ўшанавалі ахвяр сталінізму



Ініцыятыва “Хайсы – віцебскія Курапаты” запрасіла гараджан ушанаваць памяць невядомых ахвяр сталінізму, чые парэшткі былі знойдзены ў 2014-м і ў 2017-м гадах у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Падчас сталінскіх рэпрэсій  пад Віцебскам былі расстраляны дзясяткі тысяч чалавек, і дагэтуль не вядома, дзе гэтыя людзі знайшлі свой апошні спачын.

Удзельнікам ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” удалося высветліць імёны ўсяго двух чалавек, чые жыцці абарваліся менавіта ў гэтых мясцінах.  Гэта старшыня тутэйшага  калгасу Антон Рамашка, пра забойства якога распавялі мясцовыя старажылы: ягонае цела вяскоўцы адкапалі з агульнай магілы праз некалькі дзён пасля расстрэлу. І настаўніца латышскай школы Вольга Данцыт: яе імя і прозвішча ўдалося высветліць, дзякуючы надпісу на грабенчыку, знойдзеным разам з парэшткамі ў масавым пахаванні. З архіўных звестак удзельнікі ініцыятывы даведаліся прозвішчы яшчэ 62-х чалавек, расстраляных у віцебскай турме НКУС у адзін дзень з Вольгай Данцыт , 4 красавіка 1938 году, прычым паводле таго самага абвінавачання — за нібыта дзейнасць у «латышскай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Верагодна, гэтыя людзі таксама былі забітыя тут,  ва ўрочышчы каля вёскі Хайсы. Іх імёны напісаныя на помніку, які ўсталявалі ў лесе. Яго асвяціў віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

За спачын душаў нявінна забітых людзі памаліліся і каля самаробнага мемарыялу. Ён з’явіўся тут, дзякуючы намаганням Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”, і ягоных аднадумцаў.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя