Лепшая падтрымка затрыманых – масавы выхад на „кармленне галубоў” (абноўлена)



Берасцейскія праціўнікі запуску акамулятарнага завода працягваюць абмяркоўваць паніку ўладаў і распаўсюджваць інфармацыю пра сённяшнюю акцыю, якая пачнецца ў 12:00 на плошчы Леніна.

Эмацыйны заклік апублікавала адна з жыхарак горада, паведамляе «Баста»:

– Сёння сітуацыя вакол акумулятарнага завода ў Берасці гарачая да мяжы. Затрыманыя актыўныя грамадзяне, якія мірна  адстойваюць свае правы.

Мы пазбаўленыя магчымасці выказаць сваё стаўленне і нязгоду з будаўніцтвам свінцовага завода.

Сярод затрыманых учора мужчын ёсць і жанчына, маці двух непаўнагадовых дзяцей, малодшаму дзіцяці ледзь споўнілася 3 гады. Як назваць людзей, якія здзяйсняюць гэтае бязмежжа ?! Кожны павінен зрабіць выбар, прыйшоў час дзеянняў ў адказ”, – піша ў звароце берасцейка.

Нагадаем, у Берасці 12 красавіка змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання дзесяць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

* * * 

Паводле апошняй інфармацыі, у Берасці 12 красавіка змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання дзесяць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, але не выключана, што затрыманых можа быць больш. Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле звестак, якія ў яго маюцца, 12 красавіка ў Ленінскі РАУС абласнога цэнтра ў якасці сведак былі выкліканы 12 актывістаў. Затрымалі і да суда змясцілі ў ІЧУ Дзмітрыя Андрасюка, Уладзіміра Казлоўскага, Дзяніса Малашанку, Сяргея Свірскага, Уладзіслава Абрамовіча, Алега Ярмоленку, Дзям’яна Лепясевіча, Кацярыну Басаргіну, Алега Вялава і праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна.

З міліцыі адпусцілі двух чалавек: Анатоля Ярмоленку і Ірыну Сіліцкую. Ёй далі павестку з`явіцца ў райаддзел 14 красавіка ў 11.45. Гэта нядзеля, традыцыйны дзень вулічнага збору праціўнікаў завода.

Паводле слоў Кісляка, у дачыненні да затрыманых складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел 7 красавіка ў шэсці праціўнікаў завода.

* * * 

Сяброў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода затрымалі да панядзелка.

Усіх іх выклікалі позвамі ў якасці сведкаў у Ленінскі РАУС Берасця на 15:00 12 красавіка.

„Позвы раздаваў капітан міліцыі Дзмітрый Селяйковіч 9 красавіка, у будынку суда Ленінскага раёна Берасця. Большасці з тых людзей, хто прыйшоў падтрымаць блогера Сяргея Пятрухіна ў крымінальным працэсе над ім атрымалі гэтыя „паперкі”, – раней паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які таксама зараз знаходзіцца сярод затрыманых:

– У сувязі з гэтым хацеў бы звярнуцца да берасцейцаў і сказаць, што тыя, хто выкліканы на 15:00 гадзін на пятніцу былі б вельмі ўдзячныя, калі б людзі падтрымалі выкліканых кармленнем галубоў. Чым больш будзе карміць галубоў у нядзелю, тым больш якаснай будзе падтрымка тых, хто праводзіць выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.

Вядома што актывісты якія з’явіліся па позве ў Ленінскі РАУС перад уваходам у яго правялі флэшмоб з пераапрананнем у маскота ваўка і жоўтымі балонікамі, фотаздымкі з якога можна пабачыць на сайце Беларускага Радыё Рацыя.

На дадзены момант імёны і колькасць затрыманых высвятляюць праваабаронцы, бо не ўсе з іх прыйшлі да 15:00. Па папярэдняй інфармацыі карыстальнікаў Viber-каналу „Неравнодушные” затрымалі па артыкуле 23.34 КоАП РБ – „несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

[manual_related_posts]