Ксёндз Павел Кнурэк развітаўся з Віцебскам



Павел Кнурэк – грамадзянін Польшчы, былы пробашч каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год.

У лістападзе 2018 года ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, бо не атрымаў дазволу на далейшае служэнне. Увогуле ж на Віцебшчыне ён служыў каля 18 гадоў: да прыезду ў Віцебск святар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).

Павел Кнурэк адмыслова прыехаў у Беларусь, каб развітацца з парафіянамі – вернікамі з Лынтупаў і з Віцебску, якія сабраліся на нядзельную імшу ў віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага. Звяртаючыся да іх, біскуп Алег Буткевіч сказаў шмат цёплых словаў пра Паўла Кунурэка, і падзякаваў ксяндзу за дбайнае служэнне. Павел Кнурэк лічыць несправядлівым, што беларускія ўлады не працягнулі яму дазвол на служэнне , але ён заклікаў вернікаў прыняць гэтую сітуацыю па-хрысціянску , не пакідаючы крыўды ў душы.

Даведаўшыся пра тое, што ксяндзу не дазволілі застацца ў Беларусі, віцебскія вернікі зрабілі ўсё магчымае для скасавання забароны. У студзені гэтага году яны даслалі калектыўны ліст да да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з просьбай працягнуць дазвол на служэнне Паўлу Кнурэку. Калектыўны ліст з такой самай просьбай быў дасланы і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пад ім падпісаліся 465 чалавек. 616 чалавек падпісалі петыцыю з просьбай пакінуць ксяндза ў Віцебску. Але ўсе гэтыя захады не далі плёну: Павел Кнурэк быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]