Ірына Сідорская: Асноўным героем беларускіх медыя беспадстаўна застаецца мужчына
У Варшаве прайшла адкрытая дыскусія “Гендарны аспект у беларускіх медыях: дзе ён?”, прысвечаная праблеме трансляцыі голасу беларускіх жанчын у СМІ.

Незалежная даследчыца, доктар філалагічных навук Ірына Сідорская прадставіла вынікі даследавання, якое ахапіла ўсе віды СМІ і медыя Беларусі:
– Медыя застаюцца гендарна не чуйнымі. Асноўным героем беларускіх медыя-тэкстаў з’яўляецца мужчына. Не істотна, ці стварае гэты матэрыял жанчына-журналістка, або стварае мужчына-журналіст. Гэта супярэчыць рэальнай гендарнай стратыфікацыі беларускага грамадства. Жанчын у нас 54%. Жанчын у Беларусі больш сярод работаючых, больш у дзяржаўным сектары, і жанчын больш на тых пасадах, якія і маюць на ўвазе экспертнасць.
Па словах даследчыцы, колькасць мужчын-экспертаў, чые думкі транслююць беларускія СМІ, перавышае колькасць жанчын-экспертак у 2-5 разы. У рэальнай эканоміцы Беларусі наадварот: у параўнанні з мужчынамі занята больш жанчын, якія могуць выступіць экспертамі ў самых разнастайных сферах.
Беларускае Радыё Рацыя
