Да Таццяны Севярынец прыходзілі „тэатралы” з Кастрычніцкага РАУС
Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, ці наведвае актывітска тэатральныя пастаноўкі віцебскага тэатра імя Якуба Коласа, і ці яна глядзела спектакль “Ціль”, што быў зняты з рэпертуару адразу ж пасля прэм’еры 21-га лістапада. А таксама ці не брала яна ўдзел у “партызанскай” акцыі салідарнасці са звольненым дырэктарам і акцёрамі, якія страцілі працу пасля ўдзелу ў пастаноўцы.

Таццяна Севярынец абвяргае падазрэнні міліцыянтаў, мяркуючы, што яны маглі з’явіцца пасля яе электроннага звароту ў Міністэрства культуры:
-Я пісала электронны зварот: пачула, што звальняюць дырэктара і акцёраў, якія гралі ролі ў гэтым спектаклі. Спектакль быў пастаўлены да 95-годдзя тэатра, гэта быў юбілейны спектакль, і сам міністр культуры быў на прэм’еры! “Усё гэта ўнутраныя справы тэатра”, – было ў адказе.
Афіцыйнай прычыны, чаму спектакль “Ціль” быў зняты з рэпертуара, шырокай публіцы не паведамляюць. Ёсць меркаванне, што чыноўнікам не спадабаўся радок з песні “Жыве Фландрыя!”, якая гучала са сцэны. Неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі пра звальненне дырэктара тэатра Аляксандра Старых і некалькіх акцёраў , у інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі з акцыі салідарнасці: людзі ў масках з бел-чырвона-белымі сцягамі трымаюць плакат з тымі самымі словамі “Жыве Фландрыя!” Літаратурнай асновай для п’есы “Ціль” быў вядомы раман бельгійскага пісьменніка Шарля дэ Кастэра “Легенда пра Уленшпігеля”. Гэты твор расказвае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў. Верагодна, цяперашнія чыноўнікі ўбачылі ў пастаноўцы паралелі з сённяшняй палітычнай сітуацыяй у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя