БХД пачынае новую кампанію „Віцебск – горад наш!”



Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД на чале з каардынатарам Таццянай Севярынец распачаў новую кампанію пад назвай „Віцебск – горад наш!”.

1476252224_dsc_0715

Пасля рашэння віцебскіх уладаў дазволіць будаўніцтва копіі Сабора Сафіі ў парку Партызанскай славы, стала вядома, што па генеральным плане забудовы Віцебска парк амаль знікне. Жыхары абласнога цэнтру катэгарычна з гэтым не згодныя, кажа Таццяна Севярынец.

– У планах горада вялікая дарога , якая будзе злучаць вуліцу Гагарына – Чэхава з выхадам на Дзвіну да Паўночнага мосту, які мяркуюць будаваць дзеля таго, каб зрабіць дарогу ў шэсць палос. Яна патрэбна гораду, але не ў гэтым месцы. Гэтае месца – гістарычнае. Справа – старажытныя будынкі, іх вельмі мала засталося ў Віцебску. Злева – той самы парк Партызанскай славы, дзе музей, дзе Караткевіч. І дзе мяркуецца гэты сабор.

Згодна з генеральным планам, Музей легендарнага бацькі Міная, які месціцца ў гістарычным будынку 19-га стагоддзя, і мемарыяльны комплекс будуць перанесеныя, а помнік Уладзіміру Караткевічу увогуле будзе знішчаны.

Як кажа Таццяна Севярынец, “людзі зразумелі, што віцебскія ўлады адчуваюць сябе поўнымі гаспадарамі горада з тысячагадовай гісторыяй і плююць на меркаванні жыхароў. За адну гадзіну сабрана 173 подпісы пад зваротам у абарону парка, за захаванне будынка музея, што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці помніку Уладзіміру Караткевічу ды перагляд генеральнага плану забудовы Віцебска”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info

[manual_related_posts]