Алесь Марачкін: Давайце падтрымаем Украіну!



“Фармат Дня Волі выбралі ўдала”, – лічыць мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін.

Як вядома, святкаванне гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі сёлета пройдзе пад лозунгам «Разам за мір і незалежнасць».

Алесь Марачкін: Фармат святкавання, на мой погляд, выбраны вельмі ўдалы. Бо хто сёння будзе супраць мірнага суіснавання? Ва ўмовах украінскага канфлікта – гэта вельмі актуальна. Дарэчы, Саюзе мастакоў рыхтуецца да юбілея Другой Сусветнай вайны і спецыяльна да гэтага запланавана адмысловая выстава. І вось мерапрыемства захацелі правесці так, каб яно падалося неардынарным. Таму я і параіў – давайце ў сувязі з такмі падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне, сёння казаць пра мірнае суіснаванне дзяржаў і людзей. А выставу можна назваць коратка – “Міру – мір”. Можа і не надта арыгінальна, але надта актуальна. Мне думаецца, што і Дзень волі ў такім фармаце і пад такім лозунгам – гэта добра. Іншая справа, як да акцыі аднясуцца тыя, хто зацвярджае заяўку арганізатарам Дня волі. Бо адна справа прэтэндаваць на званне “голуб міра”, а іншая – паказваць рэальныя справы.

РР: Чаму апошнія святкаванні Дня волі такія нешматлюдныя? Калі раней на акцыю прыходзілі тысячы і нават дзесяткі чалавек, то зараз – толькі сотні…

Алесь Марачкін: Думаю, гэты дзень усё ж-такі акрэслены ў душах многіх беларусаў, моладзі. Іншая справа, што ў людзей зараз апатыя да нейкай актыўнасці. Яны не тое, што разгубіліся, але закрыліся самі ў сабе. Мы бачым абыякавасць да ўсяго, што робіцца. Такі менталітэт нашых людзей. Але тыя, хто прыйдуць на Дзень волі з жоўта-блакітнымі сцягамі, каб падтрымаць Украіну ў цяжкі час, зробяць важную справу. Трэба паказаць украінцам, як мы рэагуем на нападкі расейскага агрэсара. Давайце падтрымаем украінцаў і Украіну!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]