Адвакаты Бабарыкі, Бяляцкага і Калеснікавай не прайшлі пераатэстацыю



Як стала вядома праекту «Право на Защиту», кваліфікацыйная камісія не атэставала адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча, выкліканых на нечарговую атэстацыю 1 снежня. Уладзімір Пыльчанка — адвакат палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, і іншых.

Віктар Мацкевіч — адвакат Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага. За два гады ліцэнзіі пазбавілі ўсіх адвакатаў Віктара Бабарыкі — Аляксандра і Яўгена Пыльчанкаў, Дзмітрыя Лаеўскага, Наталлю Мацкевіч, а таксама адвакатку Марыі Калеснікавай Людмілу Казак.

«Дзякуючы намаганням Уладзімера Пыльчанкі мы ўсе даведаліся, што Марыя Калеснікава знаходзіцца ў рэанімацыі. Калі яны будуць пазбаўлены ліцэнзіі, Віктар, Эдуард, Маша і іншыя палітвязні, якіх яны абараняюць, страцяць апошнюю нітачку сувязі са светам. Ілюзій наконт „атэстацыі“ ў нас няма, але мы ўсё ж такі жадаем чальцам камісіі вынесці рашэнне сумленна», — напісаў канал штабу Віктара Бабарыкі. Аднак, „цуда не адбылося”.