12 беларусаў у Маскоўскай вобласці шпіталізаваны з падазрэннем на менінгіт



12 беларусаў „на адным з прадпрыемстваў у гарадской акрузе Істра” Маскоўскай вобласці шпіталізаваны з падазрэннем на менінгіт. Адзін з іх, магчыма, памёр, паведамілі ў амбасадзе Беларусі ў Расеі. У дваіх дыягназ не пацвердзіўся, восем знаходзяцца ў стане сярэдняй цяжкасці, адзін – у цяжкім стане. Па непацверджанай пакуль афіцыйна інфармацыі, адзін са шпіталізаваных беларускіх грамадзян сёння памёр, – гаворыцца ў паведамленні.

У пасольстве заявілі, што знаходзяцца ў кантакце з расейскім Міністэрствам аховы здароўя, Расспажыўнаглядам і шпіталямі. Захварэлым аказваецца неабходная дапамога.

Нагадаем, раней паведамлялася, што 11 работнікаў складскога комплексу маркетплэйса OZON у Істры (Маскоўскай вобласці) былі шпіталізаваны з «клінічнай карцінай інфекцыйнага менінгіту». Па звестках некаторых інтэрнет-рэсурсаў, у шпіталі даставілі больш за 30 чалавек. Паведамлялася, што сярод іх ёсць грамадзяне Беларусі, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і Азербайджана.

Беларускае Радыё Рацыя